СЫПНЫ́ ТЫФ,

вострая інфекцыйная хвароба чалавека, якая выклікаецца рыкетсіямі Правачака. Адносіцца да трансмісіўных хвароб; перадаецца пры ўкусах вошай. Бывае ў час стыхійных бедстваў (пераважна ў час вайны). Узбуджальнік цыркулюе ў крыві і пашкоджвае дробныя крывяносныя сасуды скуры, галаўнога мозга і інш. органаў.

Адрозніваюць эпідэмічны С.т. (перадаецца пераносчыкам хваробы) і спарадычны (або хвароба Брыла), калі ў даўно перахварэлага чалавека ў арганізме засталіся рыкетсіі, якія актывізуюцца пад уплывам неспрыяльных умоў. Прыкметы: т-ра цела да 40 °C, нясцерпны галаўны боль, трызненне, пляміста-гемарагічная высыпка на скуры (знікае праз 5—6 дзён). Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 15, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)